«Лаліты больш няма ў маім коле зносін». Вялікае інтэрв'ю з экс-вялоўцам «Арла і рэшкі» Колем Сяргой
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Коля Серга — украінскі музыка, паэт і экс-вядоўца аднаго з самых папулярных украінскіх шоу «Арол і рэшка». На другі дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну яго мабілізавалі, і ён паехаў на вайну, дзе стварыў «Культурны дэсант» — аб’яднанне вядомых украінскіх артыстаў па культурнай і псіхалагічнай дапамозе байцам УСУ. У межах гэтай ініцыятывы прайшло больш за дзве тысячы канцэртаў на лініі фронту, у вайсковых шпіталях і дэакупаваных гарадах. У вялікім інтэрв'ю мы пагаварылі з артыстам пра працу ў зоне баявых дзеянняў, матывацыю, сустрэчы з Зяленскім і Залужным, Маргарыту Ляўчук, Лаліту Міляўскую і Беларусь.

Коля Серга во время одного из выступлений, май 2023. Фото: “Культурный десант”
Коля Сярга падчас аднаго з выступаў, травень 2023 года. Фота: «Культурны дэсант»

Артысты на фронце і жыццё ў зоне баявых дзеянняў

— Я думаю, што вы можаце спакойна размаўляць па-беларуску. Да нас [выступаць у межах «Культурнага дэсанту"] прыязджала Марго Ляўчук, і мы з ёй размаўлялі ў такім жа фармаце — яна на беларускай, я на ўкраінскай. Мы ўсё разумелі.

— Якое ўражанне засталося ад Маргарыты?

— Вельмі добрае. Яна моцная і свядомая. Гэта было траплянне 100 са 100 з пункту гледжання фармату «Культурнага дэсанту». Марго прыехала і адразу стала сваёй — яна таленавітая, прафесійная, рамантычная, ваяўнічая, настроеная рашуча.

— Пра што гаварылі?

— Яна працавала з «Культурным дэсантам» па падраздзяленнях — спявала і натхняла. Марго казала [пра беларускую сітуацыю і Лукашэнку], што рэжым ёсць рэжым, яго не мусіць быць, яго трэба мяняць. Арганізм пачынае есці сам сябе — гэта адбываецца з беларускім грамадствам. Таму [беларусам] вельмі важна знайсці ўнутраную свабоду і сілу скінуць гэты рэжым і пабудаваць нешта сучаснае — тое, што адпавядае развіццю душы, тэхналогіям, тое, чым можна было б ганарыцца. Не думаць «як кепска, што мы жывём у такіх умовах», а ствараць умовы.

Украіна — гэта рамантычны, натхняльны вобраз, і для Беларусі таксама. Марго сказала, што беларусы глядзяць на тое, што робяць украінцы, захапляюцца і ведаюць, што ў нас неймаверная сіла духу, адвага і разуменне ўнутранай свабоды.

— Як цяпер праходзяць вашыя дні?

— Займаемся псіхалагічнай і культурнай падтрымкай ва УСУ, на гэтым грунтуецца падраздзяленне «Культурнага дэсанту». Мы ствараем кантэнт (акрамя канцэртаў «Культурны дэсант» запісвае музыку і відэа для вайскоўцаў. — Заўв. рэд.), бо разумеем, як гэта ўплывае на грамадства. Мы распаўсюджваем яго па розных каналах: дзесьці гэта адбіваецца на грамадскай думцы, дзесьці дапамагае зняць негатыў або з’яднаць сілы.

— Вас мабілізавалі, правільна?

— 25 лютага 2022 года, на другі дзень поўнамаштабнага ўварвання, я мабілізаваўся. «Культурны дэсант» — гэта падраздзяленне УСУ, якое складаецца з культурных дзеячаў і займаецца матывацыяй, аднаўленнем маральна-псіхалагічнага стану ўкраінскага войска. У нас шэсць аддзяленняў, і кожнае з іх адпрацоўвае 3−4 мерапрыемствы штодня з байцамі на перадавой і ў шпіталях.

Коля Серга с другими бойцами ВСУ, май 2023. Фото: “Культурный десант”
Коля Сярга з іншымі байцамі УСУ, травень 2023 года. Фота: «Культурны дэсант»

— Як уладкаваныя вашыя канцэрты? Як вырашаеце, куды ехаць?

— Гэта падраздзяленне УСУ, таму дэталяў раскрываць не буду. Інфармацыю пра тое, куды і як ехаць, мы атрымліваем ад кіраўніцтва. А ўвесь відэа- і фотакантэнт, які мы выкладваем, старанна цэнзуруецца. Калі гэта вядомая лакацыя, то мы выкарыстоўваем фоташоп [каб выдаліць са здымкаў арыенціры, якія могуць дапамагчы праціўніку]. На першым месцы ў нас бяспека асабовага складу, да якога мы прыязджаем. Няма нічога каштоўнейшага за жыццё нашых ваяроў.

Мы выступаем у шпіталях, у полі, на пазіцыях, у дамах, у акопах. Дзе трэба, там і працуем. Бо мы — вайскоўцы, разумеем, што нашае жыццё цяпер належыць краіне, таму проста выконваем загад.

У нас ёсць кампактны набор апаратуры, калонкі, гітара, дзесьці [дадаецца] скрыпка, дзесьці саксафон, дзесьці бандура. У кожнага свой інструмент.

— Цяпер вы вайсковец ці артыст?

— Я вайсковец у першую чаргу.

— Самае страшнае месца, дзе вы былі?

— Расія. Я прыязджаю, а там людзі, б***ь, з пустымі вачыма — без надзеі, без нічога, проста зомбі. Гэта самае страшнае.

— А падчас вайны?

— Я не ведаю. Часам ты прыязджаеш у месца, якое ў медыя апісваецца як небяспечнае, а там усё нармальна. А потым едзеш туды, дзе мусіць быць бяспечна, — і трапляеш пад абстрэл. Усё было ціха — а тут «Грады» пачынаюць працаваць.

— Пра што вы размаўляеце з вайскоўцамі? Што яны вам апавядаюць?

— Я сам вайсковец, я жыву ў зоне баявых дзеянняў. Пра што мы гаворым? Пра ўсё: пра дзяўчат, палітычную абстаноўку, дзяцінства ўспамінаем, нейкія смешныя гісторыі з жыцця.

Калі б я быў цывільным артыстам, які, напрыклад, жыве ў Кіеве і прыязджае на фронт, то, напэўна, мне было б лягчэй адказаць на гэтае пытанне, бо я сам шукаў бы тэму, на якую байцам было цікава пагутарыць. Але тут роўны гаворыць з роўным — ты прыязджаеш гаварыць з пабрацімамі.

— Былі артысты, якія адмаўляліся ехаць на фронт выступаць?

— Вядома, вельмі шмат тых, хто баіцца ехаць. [У «Культурным дэсанце"] ёсць смельчакі-валанцёры, якія прыязджаюць, але базавае нашае падраздзяленне складаецца з людзей, якія з’яўляюцца вайскоўцамі, і ў іх ніхто не пытае: «Паедзеш ці не?» Гэта твой абавязак, ты прыняў прысягу, ты знаходзішся ў страі.

— Як вы ставіцеся да ўкраінскіх музыкаў, якія цяпер выступаюць за мяжой, а не перад вайскоўцамі на фронце?

— У кожнага свая зона адказнасці — яны ж, напрыклад, збіраюць грошы на дроны. Тут па сумленні. Для кагосьці гэта [прыехаць на фронт] вялікі крок, з чалавекам адбываецца трансфармацыя, ён становіцца бліжэйшы да калектыўных зменаў, да агульнай ідэі. З такім можна потым будаваць краіну, ствараць нешта вялікае, што патрабуе даверу адно да аднаго. Таму мы адфільтроўваем [артыстаў]. Хай нас будзе менш, але гэта тыя, хто пойдзе да канца.

Сустрэча з Зяленскім, Залужны і тупік на фронце

— Калі Расія анексавала Крым, вы жылі ў Маскве. Калі Крэмль пачаў поўнамаштабную вайну, вы пайшлі ваяваць за Украіну. Што змянілася за восем гадоў?

— Усё змянілася: абнавілася светаўспрыманне і светапогляд. 24 лютага я зразумеў, што доўгі час падманваў сябе і не заўважаў вельмі важнага фактару, які разросся да такіх памераў, што яго немагчыма не ўбачыць, — гэта вайна. Мне стала сорамна за восем гадоў, якія былі да гэтага. Я зразумеў, што ўвесь гэты час ішла вайна, якая адбірала жыцці ўкраінцаў. Прычым найлепшых з найлепшых, бо першымі на вайну ішлі ідэйныя людзі. Яны [ужо тады] разумелі, што адбываецца ў краіне.

— Вы былі на сустрэчы прэзідэнта Зяленскага з дзеячамі культуры 10 сакавіка гэтага года, там гаварылася пра супрацьдзеянне расійскім наратывам. Гэта была вашая першая сустрэча з прэзідэнтам?

— Калі ён уступіў на гэтую пасаду — так. Да гэтага мы размаўлялі, калі ён быў прадзюсарам. Я пісаў саўндтрэкі для іх перадач (напрыклад, музычную застаўку для перадачы «Насмяшы коміка», у якой удзельнічаў Зяленскі. — Заўв. рэд.).

— Якое ўражанне ён зрабіў на вас падчас апошняй сустрэчы?

— Нармальнае. Праўда, тая сустрэча ні да чога не прывяла — сабраліся, паслухалі, але ніякіх зменаў у культуры тады не адбылося. Магчыма, іншыя прыярытэты былі. У нас асабліва надзей на тую сустрэчу не было, бо мы рухаемся самастойна, аўтаномна. Дапамагаюць нам — клас, дзякуй, не — значыць, будзем працягваць самі.

— У вас у Instagram ёсць фота з галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным. Як вы пазнаёміліся?

— Ён мой галоўны непасрэдны начальнік. Я служу пад яго кіраўніцтвам. Сустракаўся з ім, бо «Культурны дэсант» разрастаўся і патрэбныя былі пэўныя дадатковыя паўнамоцтвы.

Залужны — Чалавек з вялікай літары. Гэта выяўляецца ў многіх момантах. Вельмі разумны, магутны, стратэг. Ён далёка думае. Ён думае пра людзей, і гэта важная асаблівасць. Чым больш будзе такіх людзей, тым лепшым будзе нашае жыццё.

Коля Серга и главнокомандующий ВСУ Валерий Залужный, лето 2023. Фото: Instagram собеседника
Коля Сярга і галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны, лета 2023 года. Фота: Instagram суразмоўцы

— Як на вайскоўцах адбіваецца канфлікт паміж Зяленскім і Залужным, пра які пішуць медыя?

— Я б не хацеў гэта каментаваць, бо гэта адбываецца ўнутры нашай краіны, а мы смецце з хаты не выносім, самі з гэтым разбяромся.

— Заявы, што вайна зайшла ў тупік, прыйшла зіма, дэматывуюць?

— Вядома, гэта ўплывае. Мы бачым, што вайна заходзіць у клінч — я б не называў гэта тупіком. Трэба перагледзець стратэгію. Гэта нармальна, гэта частка ваенных падзей.

Што да зімы, то яна прыходзіць праз кожныя дзевяць месяцаў. Гэта цыклы. Разумеем, што ўмовы надвор’я будуць горшыя, апранаемся цяплей, змяняецца тактыка, дзесьці баявыя дзеянні трохі запавольваюцца. Я б не рабіў з гэтага вялікай трагедыі. Гэта што, першы раз, калі на фронце складаная сітуацыя? Успомніце наогул, з чаго ўсё пачыналася, — пі***ы дайшлі да Кіева. І што? Дзе цяпер яны? Таму і тут разбяромся.

Тадарэнка, Лаліта, Шон Пэн

— У мінулым месяцы я размаўляў з Жэнем Сінельнікавым, рэжысёрам-пастаноўшчыкам «Арла і рэшкі». Вось што ён сказаў пра вядоўцу аднаго з сезонаў, якая родам з Адэсы, але пераехала ў Расію: «Тадарэнка для мяне памерла». Што вы думаеце?

— Я наогул пра яе не думаю, нецікава.

— Праўда, што менавіта вы ёй сказалі пра тое, што хлопца, з якім у яе калісьці былі адносіны, забілі ў Бучы?

— Я не хачу гаварыць на гэтую тэму. Я пра гэта расказваў у Instagram. Мне нецікавы гэты чалавек і ўсё, што з ёю звязанае.

— Вы рэжысёр і прадзюсар кліпа «Шпилька-каблучок» спявачкі Лаліты Міляўскай. Якое ў вас меркаванне пра яе? Яно памянялася пасля вайны?

— Так. Яе таксама больш няма ў маім коле зносін, бо чалавек разумее, што адбываецца, і падсцілаецца пад рэжым. Яна імкнецца быць зручнай і не гаварыць лішняга.

— Вы працавалі з былым генеральным прадзюсарам расійскага тэлеканала ТНТ і заснавальнікам прадакшну Medium Quality, які здымае шоу для інтэрнэт-платформаў, Вячаславам Дусмухаметавым?

— Так. Мы зрабілі два шоу, але яны не выйшлі. Адно было з Рэгінай Тадарэнка. Мы знялі «пілоты» (пілотныя эпізоды, якія ствараюцца для праверкі патэнцыялу праекта і яго наступнага продажу. — Заўв. рэд.), але яны не пайшлі.

— Якое ў вас меркаванне пра яго?

— Ён вельмі прафесійны, але вельмі кепскі чалавек. Дусмухаметаў — гэта Карабас-Барабас, злы геній. Ён адзін з асноўных рупараў расійскай прапаганды. Нават не рупараў, а цэнтраў. У яго вельмі магутны мозг, і ён разумее, як гэта рабіць максімальна эфектыўна праз забаўляльныя праграмы. Ён працуе на расійскі ўрад.

— Вы лічыце, што ўсе яго шоу (напрыклад, «Што было далей?») — гэта прапаганда?

«Што было далей?» — рускамоўнае гумарыстычнае шоу, якое выходзіць на платформе VK Відэа, раней выходзіла на YouTube. У снежні 2022-га холдынг VK купіў кантрольную долю ў студыі Medium Quality, якой валодаў Вячаслаў Дусмухаметаў.

— Безумоўна. Яны знішчаюць чалавека ў чалавеку. Вы сказалі пра «Што было далей?». Гэта шоу пра булінг і прыніжэнне па нацыянальнай прыкмеце ці знешнасці. Гэта ператварае чалавека ў жывёліну.

— У вашым Instagram ёсць пост, дзе вы стаіце з вядомым амерыканскім акторам і прадзюсарам Шонам Пэнам, там подпіс: «Потым раскажу». Што гэта было?

— Мяне прасілі суправаджаць яго на фронт, з гэтага пачалося нашае знаёмства. Мы дагэтуль камунікуем і супрацоўнічаем, але дыстанцыйна: набіраем яго па FaceTime, ён вітае байцоў, натхняе, кажа прыемныя рэчы. Мы яшчэ песню з ім запісалі, хутка будзем выпускаць.

Коля Серга и американский актер и режиссер Шон Пенн, лето 2022 года. Фото: Instagram собеседника
Коля Сярга і амерыканскі актор і рэжысёр Шон Пэн, лета 2022 года. Фота: Instagram суразмоўцы

«Лукашэнку даўно час быць лакальным фермерам дзе-небудзь у Расіі»

— Давайце трохі пагаворым пра Беларусь. У вас была сторыс у Instagram, дзе вы паказалі ўкраінскага вайскоўца, які вонкава нагадвае Аляксандра Лукашэнку, і сказалі: «Дарагія сябры-беларусы, слухайце. Калі вам так падабаецца вонкава Лукашэнка, што вы так доўга не можаце яго пазбавіцца, то я вам знайшоў выдатную замену». З чаго вы ўзялі, што беларусам падабаецца Лукашэнка?

— Ён жа дагэтуль кіруе краінай — значыць, крытычнай масе гэта падыходзіць. Трэба працаваць з гэтай масай. Дапусцім, свядомай часткі грамадства — 20%, астатнія — 80% (насамрэч у адкрытым доступе няма рэлевантных даследаванняў на гэтую тэму; рэальная колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі ў краіне невядомая. — Заўв. рэд.). І калі гэтыя 20% ідуць і змагаюцца з рэжымам, прыкладаюць свае намаганні, то рэжым перамагае. Але калі гэтыя 20% пачнуць прапрацоўваць тыя 80%, тады працэнт несвядомых будзе змяншацца. І далей будзе лягчэй змагацца з рэжымам. Гэта тое, чаго не хапае. Людзей, якія незадаволеныя і якія гатовыя нешта рабіць, значна менш, таму Лукашэнка дагэтуль пры справе.

— Вам у цэлым зразумелая сітуацыя, у якой Беларусь і беларусы аказаліся пасля 2020 года?

— Я раблю высновы з таго, што бачу ў сацсетках, і таго, што мне расказваюць беларусы, якія ваююць на баку Украіны. Яны казалі, да чаго дайшло ў вашай краіне.

Я лічу, што патрэбны максімум намаганняў [для супраціву рэжыму Лукашэнкі]. Вядома, спачатку Украіна павінная перамагчы — гэта будзе моцны стымул. Гэта дасць сіл беларусам, якія гатовыя змагацца і якія пойдуць да канца.

— Вы ведаеце байцоў з палка Каліноўскага?

— Безумоўна. Магутныя хлопцы. Вялікая ім удзячнасць за тое, што ваююць за Украіну. Я разумею, што іх барацьба тут — гэта ў тым ліку вайна за свабодную Беларусь.

— У вас ёсць такі верш: «Умер Лукашонка / И его душонка / Через испражнения / Вылезла наружу…» Пра што ён?

— Гэта было спланавана. Калі Лукашэнка актыўна каментаваў тое, што адбываецца, рабіў нейкія ўкіды адносна Украіны, палітычнай сітуацыі, мне трэба было трохі прапрацаваць яго ў нашай інфармацыйнай прасторы. Гэта быў мэтаскіраваны верш.

Даўно прыйшоў час яму быць лакальным фермерам дзе-небудзь у Расіі. А Беларусь трэба аддаць маладым, ініцыятыўным, прасунутым, прашараным людзям, якія гатовыя яе будаваць і рабіць з яе месца, дзе хочацца жыць.

— Стаўленне да беларусаў у вас змянілася?

— Крытычная маса беларусаў цяпер — гэта людзі, якія не вельмі хочуць змагацца: «Не ўсё так добра, як хацелася б, але мы нічога не будзем рабіць». Я паважаю тых людзей, з якімі камунікую, і тых, пра каго яны расказваюць, — супольнасці, якія вымушаныя цяпер часцяком жыць і працаваць за межамі Беларусі.

— Што б вы сказалі беларусам?

— Спрабую ўспомніць нейкія беларускія словы, якія я вучыў… Я б сказаў, што сіла ў адзінстве і ў тым, як мы ўзаемадзейнічаем адно з адным. Нават калі нас меншасць, а вораг значна большы, мы знаходзім канструкцыі і стратэгіі, якія больш эфектыўныя і берагуць людзей. Таму я лічу, што за тымі беларусамі, пра якіх я казаў, праўда і душа.

— Апошняе пытанне. Калі і як скончыцца вайна?

— Не ведаю, дружа. Ніякіх прагнозаў не раблю. Ведаю адно: пакуль яна не скончыцца, я буду ў супраціве і ў войсках. Я буду кожны дзень працаваць і ісці да канца. Мае сябры, маё асяроддзе, мая каманда — таксама. Гэта самае галоўнае.

Чытайце таксама