У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што на Данецкім, Чырвона-Ліманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках за дзень адбілі 16 атак УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі дзевяць атак праціўніка, а на Мар'інскім — 15. У Інстытуце па вывучэнні вайны адзначылі, што 3 ліпеня ўкраінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі і нязначна прасунуліся як мінімум на чатырох участках фронту.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 496-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Нанеслі 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка
Мінулай ноччу Расія нанесла чарговы ўдар 22 іранскімі ўдарнымі БПЛА Shahed і трыма зенітнымі кіравальнымі ракетамі ЗРК С-300 па цывільных інфраструктурных аб’ектах у Сумскай, Данецкай і Запарожскай абласцях. У цэлым праціўнік нанёс 56 авіяцыйных удараў і правёў 77 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях войскаў УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, пашкоджаная цывільная інфраструктура, шматпавярхоўкі і прыватныя жылыя дамы. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяўдары па горадзе Сумы і ў раёне Кацярынаўкі Сумскай вобласці. З мінамётаў і артылерыі абстралялі больш за 10 населеных пунктаў Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках УСУ адбілі сем атак праціўніка ў раёнах на поўдзень ад Навасёлаўскага, Навадзянога, на захад ад Дзібровы Луганскай вобласці, на паўночны ўсход ад Серабранскага лясніцтва і непадалёк ад Данецкай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам расійскай арміі падвергліся больш за 15 населеных пунктаў Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі дзевяць атак праціўніка ў раёнах Грыгораўкі, Багданаўкі, на захад ад Ягаднага, Іванаўскага і на паўднёвы ўсход ад Белай Гары Данецкай вобласці. Ад артылерыйскіх абстрэлаў арміі РФ пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім напрамку расійскія войскі з артылерыі абстралялі больш за 10 населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі 15 атак праціўніка ў раёне горада Мар'інка. Армія РФ абстраляла больш за 15 населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Раўнаполя Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдар каля Благадатнага Данецкай вобласці. Абстралялі больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання УСУ. З артылерыі абстралялі больш за 30 населеных пунктаў, уключаючы горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі тры зенітна-ракетныя комплексы, два раёны канцэнтрацыі жывой сілы, 26 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях і станцыю РЭБ арміі РФ.
У Генштабе заявілі, што Расія, парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права, выкарыстоўвае дзіцячыя ўстановы на акупаваных тэрыторыях для размяшчэння і аказання медыцынскай дапамогі сваім вайскоўцам. Так, у населеным пункце Макарава Луганскай вобласці ў дзіцячым аздараўленчым лагеры расійскія вайскоўцы зрабілі вайсковы шпіталь. На ўсёй тэрыторыі лагера раззасяроджаныя расійская ваенная тэхніка і блакпасты. І ўсё гэта — у непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў. Падобная сітуацыя і ў горадзе Ліман Луганскай вобласці, дзе пад вайсковы шпіталь пераабсталявалі дзіцячы аздараўленчы лагер «Ялінка», а тэрыторыя лагера выкарыстоўваецца для захоўвання ваеннай тэхнікі.
Мінабароны Расіі: Збілі тры Су-25 і Мі-8 Паветраных сіл Украіны
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што «цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі беспаспяховыя спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Чырвона-Ліманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках».
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі дзесяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Арэхава-Васільеўка, Ягаднае, Кляшчэеўка, Першамайскае, Вопытнае і Вадзяное Данецкай вобласці.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі і артылерыі нанесенае паражэнне падраздзяленням 21-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Акрамя таго, адбітыя чатыры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Нававодскае Луганскай і Ямпалоўка Данецкай абласцей. У раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» за суткі адбітыя дзве атакі УСУ ў раёне населенага пункта Ураджайнае Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Прыютнае Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Запарожскім напрамку расійскія войскі нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы 106-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Лугаўское Запарожскай вобласці.
— На Купянскім напрамку авіяцыяй, артылерыяй Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Бераставое і Цімкаўка Харкаўскай вобласці. Таксама адбітая атака ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці.
— На Херсонскім напрамку расійскія войскі таксама наносілі ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 85 артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 102 раёнах.
Авіяцыяй у раёне населенага пункта Грыгораўка быў збіты Су-25, а ў раёне Навагродаўкі — верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны. СПА збіла два самалёты Су-25 Паветраных сіл Украіны ў раёне населеных пунктаў Георгіеўка Данецкай вобласці і Арэхаў Запарожскай вобласці. Перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 14 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: У Расіі ўстрывожаныя актыўнасцю УСУ на левым беразе Дняпра
Украінскія войскі 3 ліпеня вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на чатырох участках фронту і нязначна прасунуліся, паведамляе ў свежай справаздачы амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны.
— Мінабароны Расіі заявіла, што ўкраінскія войскі вялі контрнаступальныя дзеянні на Ліманскім напрамку.
— Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што ўкраінскія сілы працягваюць контрнаступальныя аперацыі ў раёне Бахмута, заходняй мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і на захадзе Запарожскай вобласці.
— Маляр заявіла, што ўкраінскія сілы адваявалі дзевяць квадратных кіламетраў тэрыторыі на ўсходзе Украіны, а кадры з геалакацыяй паказваюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўднёвы захад ад Бахмута.
— Маляр заявіла, што ўкраінскія сілы таксама адбілі 28,4 квадратнага кіламетра на поўдні Украіны на мінулым тыдні, а ўсяго — 158,4 квадратнага кіламетра.
— Расійскі ваенны блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы дамагліся абмежаваных поспехаў на поўдзень ад Арэхава ў заходняй частцы Запарожскай вобласці.
Эксперты адзначаюць, што расійскія «ваенкары» ўстрывожаныя нядаўняй актыўнасцю УСУ на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці і заклікаюць павялічыць там прысутнасць малых рачных суднаў і тэхнікі, каб перадухіліць далейшае прасоўванне Украіны. Расійскія блогеры 2 ліпеня звярнуліся да кіраўнікоў рэспублік Дагестан і Татарстан, Астраханскай вобласці, Краснадарскага і Прыморскага краёў з просьбай накіраваць канфіскаваныя ў браканьераў катары на лінію фронту ў Херсонскую вобласць. У цэлым трывожная рэакцыя сведчыць пра тое, што расійскія блогеры асцерагаюцца здольнасці Украіны фарсіраваць раку і лічаць, што цяперашняе камандаванне групоўкі «Днепр» недастаткова падрыхтавала свае войскі да такой магчымасці.
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, каментуючы 3 ліпеня мяцеж ПВК Вагнера і ход вайны ва Украіне, паўтарыў шаблонную рыторыку. Характэрна, што Шайгу не назваў наўпрост ні ПВК Вагнера, ні Яўгена Прыгожына, аддаючы перавагу замест гэтага таму, каб асудзіць «правакацыю» і заявіць, што яе правалу спрыяла адданасць расійскіх вайскоўцаў, адзначаюць у ISW. Шайгу таксама заявіў, што з 4 чэрвеня ўкраінскія сілы страцілі 2500 адзінак ваеннай тэхнікі, імаверна, маючы намер падарваць падтрымку Захадам украінскага контрнаступлення. Прамова Шайгу не ўтрымлівала якіх-небудзь аргументаў і, імаверна, была закліканая пераканаць, што ў краіне пасля паўстання ўсё стабільна, а расійскія ўзброеныя сілы здольныя абараніцца ад украінскага контрнаступлення.
У Інстытуце таксама адзначаюць, што ўлады Расіі працягваюць выкарыстоўваць інструменты лічбавага аўтарытарызму, каб сачыць за насельніцтвам. Як вынікае з артыкула The New York Times, Крэмль даў расійскім праваахоўным органам, у тым ліку ФСБ, больш інструментаў для адсочвання месцазнаходжання тэлефонаў расіян, узлому асабістых уліковых запісаў і адсочвання актыўнасці ў зашыфраваных праграмах, такіх як Telegram, WhatsApp і Signal. Згодна з унутранымі расійскімі дакументамі, з якімі азнаёмілася NYT, урад Расіі падтрымлівае пераход расійскіх тэхналагічных фірмаў да вытворчасці такіх інструментаў для расійскіх спецслужбаў. Аднак, як заўважаюць у ISW, расійскія тэхналагічныя кампаніі могуць адчуваць недахоп кваліфікаваных кадраў, улічваючы колькасць тых, хто пакінуў Расію пасля пачатку вайны ў лютым 2022 г.