Гэты год для беларускага кіно пачаўся натхняльнай навіной: аўтарскі праект рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» (далей «Лебядзіная песня») трапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю — аднаго з трох вялікіх кінафорумаў Еўропы нароўні з Канскім і Венецыянскім. Як у беларусаў атрымалася нарэшце скарыць Берлінале? Чаму вытворчасць праекта бясплатна падтрымалі літоўскія і нямецкія прадзюсары? І ці ёсць будучыня ў стратэгіі безбюджэтнага кіно? На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю, якое падрыхтаваў для «Люстэрка» Тарас Тарналіцкі, адказаў Леанід Каліценя — адзін з прадзюсараў фільма і сустваральнік Беларускай сеткі кінафільммэйкераў (Belarusian Filmmakers Network, далей — BFN), якая і запусціла ў вытворчасць гэтую стужку.
Камедыйная драма пра маладога музыку, якога цікавяць не навіны пра Трэцюю сусветную вайну, а пошук уласнага шчаслівага швэдара, будзе паказаная на Берлінале ў праграме аўтарскага кіно «Форум» у сярэдзіне лютага. Асаблівасцю праекта з’яўляецца яго мікрабюджэтнасць — на здымкі выдаткавалі чатыры тысячы еўра, а постпрадакшан фільма (этапы вытворчасці пасля здымак: мантаж выявы і гуку, колеракарэкцыя і гэтак далей) увогуле рабіўся бясплатна еўрапейскімі кампаніямі.
Падзею можна лічыць заўважным дасягненнем: дагэтуль ігравыя стужкі, амаль цалкам створаныя беларусамі, яшчэ не траплялі ў фокус увагі адборшчыкаў такога ўзроўню. Былі поспехі толькі ў дакументальных фільмаў і ў замежных праектах, у вытворчасці якіх дапамагаў рэсурсамі «Беларусьфільм».
— Адбор «Лебядзінай песні» на фестываль аказаўся нечаканай падзеяй. У які момант вы даведаліся пра гэта?
— Навіна была нечаканай для знешняга назіральніка, а мы ўжо ў лістападзе 2024 года ведалі пра шанец трапіць на Берлінале. Проста чакалі і рыхтаваліся.
— І якой была вашая першая рэакцыя?
— Зразумеў, што будзе многа працы — камунікацыі і падрыхтоўкі. Што зараз і адбываецца.
— Фестывальная селекцыя — гэта заўсёды праца за зачыненымі дзвярыма. Ці ведаеце вы, чым стужка, пазбаўленая палітычнай кан’юнктуры, магла зачапіць адборшчыкаў?
— Гэта сума намаганняў прадзюсарскай каманды, граматнай стратэгіі прасоўвання і, вядома, таленту аўтара. Сцэнарый Юрыя Сямашкі быў настолькі моцным, што зацікавіў прадзюсараў яшчэ на стадыі распрацоўкі. Мы не парушалі тэхналагічны працэс — ад сцэнарыя да постпрадакшану, што дазволіла дасягнуць такога высокага выніку.
Варта адзначыць, што спачатку фільм быў пададзены ў якасці канцэпту на конкурс Інкубатара мікрабюджэтнага кіно BFN 2023 года. Гэты канцэпт прайшоў некалькі этапаў дапрацоўкі і селекцыі: спачатку з 33 заявак былі адабраны лепшыя дзесяць, затым з іх вылучылі пяць праектаў, якія прапрацоўваліся з ментарамі.
У фінале конкурса засталіся два фаварыты, адзін з якіх — праект Сямашкі. Юрый зрабіў велізарную працу, дапрацаваўшы ідэю да паўнавартаснага сцэнарыя.
Мы перанеслі ў працу BFN практыкі еўрапейскага і амерыканскага кінематографа, дзе праект праходзіць шматузроўневую селекцыю, абнаўленні, пітчынгі (прадстаўленне ідэй ці гатовых фільмаў у пошуках падтрымкі. — Заўв. рэд.) і абмеркаванні, перш чым запусціцца ў вытворчасць. BFN пабудавала ўнутры сябе працэсы: сцэнарную лабараторыю, невялікі прадакшан (здымачную вытворчасць. — Заўв. рэд.) і прамоўшан-сервіс.
Асаблівую ўвагу мы надавалі стратэгічнаму падыходу па прасоўванні. Мы прэзентавалі ідэю фільма яшчэ да завяршэння сцэнарыя, што адпавядае падыходу [польскага рэжысёра] Кшыштафа Занусі: прадаваць трэба не гатовы фільм, а ідэю. Многія беларускія кінематаграфісты памылкова лічаць, што для прыцягнення ўвагі трэба здымаць тызер (кароткі ролік з кадрамі з фільма. — Заўв. рэд.). Аднак на самой справе важна правільна прэзентаваць ідэю ў патрэбны час і ў патрэбным месцы.
Прэм’ера «Лебядзінай песні» на Берлінале стала магчымай таксама дзякуючы нашай шматгадовай працы з Фестывалем усходнееўрапейскага кіно ў [нямецкім] Котбусе. Мы мэтанакіравана выбудоўвалі адносіны, каб нашы праекты ўспрымаліся сур’ёзна, і гэта дало плён.
— Фільм здымалі ў Варшаве, і на працу было выдзелена каля чатырох тысяч еўра. Як праходзіла вытворчасць? У чым былі складанасці?
— У межах здымак фільма «Лебядзіная песня» мая роля зводзілася да cупервайзінгу, гэта значыць лёгкага, ненавязлівага кантролю, каб пазбегнуць непрыемнасцяў. Пытанні наконт складанасцяў на здымачнай пляцоўцы я б адрасаваў Юры Сямашку, гэта была яго зона адказнасці. Я дапамагаў, чым мог, дыстанцыйна, аднак уся заслуга вытворчасці цалкам належыць яму. Юра справіўся бліскуча, і я б не стаў акцэнтаваць увагу на суме, якая пайшла на стварэнне. Калі б мы пералічылі ўклад дзясяткаў людзей, якія працавалі над праектам бясплатна падчас вытворчасці, бюджэт выглядаў бы інакш. Гэты фільм — вынік велізарнай калектыўнай працы.
— Гэта твой першы прадзюсаркі праект сумесна з Сямашкам. Я сачу за яго творчасцю даволі даўно і ведаю, што ён таленавіты чалавек, ды яшчэ аўтар-самавук. А таленавітыя людзі часта даволі складаныя ў камунікацыі. Як склаліся вашыя працоўныя адносіны падчас здымачнага працэсу?
— Юра паказаў сябе як чалавек, здольны не толькі прыдумаць і перапрацаваць ідэю ў паўнавартасны сцэнарый, але і арганізаваць каманду. Ён выканаў каласальную працу.
Наша супрацоўніцтва з Юрам пачалося не з «Лебядзінай песні». У 2023 годзе ў яго выйшаў фільм «Смеццевая галава». Ён звярнуўся да мяне з просьбай дапамагчы з прасоўваннем, і мы як BFN дапамаглі з фестывалем у Оберхаўзене — знайшлі спецыяліста, які перавёў фільм у DCP (фармат для дэманстрацыі відэа на лічбавых праектарах у кінатэатрах. — Заўв. рэд.). Гэты першы досвед дазволіў нам звярнуць увагу адзін на аднаго як на партнёраў.
Унутры індустрыі ёсць жарт, што лягчэй знайсці жонку і стварыць сям’ю, чым знайсці ідэальнага прадзюсара і рэжысёра, якія змогуць працаваць разам. Але з Юрам працаваць лёгка. Ён не толькі таленавіты, але і адукаваны, дысцыплінаваны і псіхалагічна ўстойлівы. У яго ёсць важная для аўтара якасць — развітыя сацыяльныя навыкі, уменне наладжваць дыялог з партнёрамі.
Напрыклад, ён вёў перамовы з Уладзімірам Казловым, кіраўніком Інкубатара мікрабюджэтнага кіно (яго запусцілі ў BFN восенню 2023 года. — Заўв. рэд.). Стварыць інкубатар было менавіта ідэяй Уладзіміра. Я спачатку не верыў у мікрабюджэтнае кіно, але Уладзімір верыў у ідэю, а Юра змог паказаць, як гэта можа працаваць.
Ён таксама наладзіў добрыя адносіны з літоўскім прадзюсарам Кястуцісам Драздаўскасам, чыя кампанія Artbox у выніку займалася колеравай карэкцыяй карцінкі. А BFN дапамог адшукаць нямецкага прадзюсара Марка Даніэля Дзічанта са студыі Tonbuero, якая зрабіла гукавы мантаж за свой кошт.
Юра не капрызлівы, з якім можна выбудаваць працу. Ён сапраўдны прафесіянал, з якім прыемна і эфектыўна мець справу.
— Ты згадаў, што постпрадакшан праекта адбываўся ў Германіі і Літве. Ён мусіў абысціся ў значна большую суму, чым выдаткавалі на здымкі. Але літоўскія і нямецкія вытворцы дапамаглі вам бясплатна. Як атрымалася так з імі дамовіцца? Якія аргументы спрацавалі?
— Яны атрымалі правы на фільм. Каб мець долю ў фільме, стаць яго прадзюсарам, трэба зрабіць нейкі ўнёсак. Грашыма, працай, сцэнарыем альбо паслугамі. Ніякай самаахвярнасці, усё, як у індустрыі прынята. Пазнаёмілі іх з ідэяй, потым сцэнарыем, потым раўкатам (англ. raw cut, чарнавы мантаж фільма. — Заўв. рэд.). Шэсць месяцаў камунікацыі. Людзі ўбачылі сур’ёзны падыход да працы. Спецыяліст спецыяліста пазнае. Вось і вынікі.
— «Лебядзіная песня» — першы не дакументальны, а ігравы праект на Берлінале, у якім за мастацкую частку адказвалі менавіта беларусы. Але фільм усё роўна прадстаўляюць Літва і Германія. Чаму так атрымалася?
— Бо гэтыя краіны істотна ўклаліся ў вытворчасць праекта. Іх прадстаўніцтва адкрывае больш шырокія магчымасці для далейшага прасоўвання карціны. На жаль, статус беларускіх незалежных фільммэйкераў у гэтай сітуацыі застаецца неартыкуляваным.
У адрозненне ад такіх краін, як Сірыя ці Іран, дзе даўно прынята адрозніваць дзяржаўныя і незалежныя праекты, для Беларусі гэтае раздзяленне яшчэ не ўсталявалася і не замацавалася. На дадзены момант Беларусь у міжнародным кантэксце асацыюецца з дзяржавай-суагрэсарам, што ўскладняе пазіцыянаванне незалежных кінематаграфістаў.
Берлінале, як і іншыя міжнародныя фестывалі, пакуль не гатовы вырашаць гэтае пытанне. Мы прынялі гэтае часовае становішча, але працягваем працаваць над тым, каб беларускае незалежнае кіно мела выразную ідэнтычнасць, аддзеленую ад афіцыйнага рэжыму.
— Фільм паўстаў у межах першага набора Інкубатара, і адразу — такі поспех. Ці ёсць яшчэ праекты, акрамя стужкі Сямашкі, якімі можна ганарыцца?
— Цяпер у нас ёсць яшчэ адзін фільм, які знаходзіцца на стадыі постпрадакшану. Неабходна завяршыць агучванне, мы шукаем дадатковае фінансаванне. Гэта моцная праца, не менш таленавітая, чым фільм Юрыя Сямашкі, але выкананая ў іншым жанры і стылі. У праекта значны патэнцыял.
Таксама ў нашым партфоліа ёсць яшчэ два сцэнарыі, якія цяпер на стадыі перадпрадакшану, гэта пераможцы конкурсу Інкубатара 2024 года. Калі ўдасца прыцягнуць запланаваныя рэсурсы, то здымкі пачнуцца бліжэй да лета. Плюс у нас на «лавачцы запасных» ёсць мінімум адзін, а магчыма, і два сцэнарыі. Гэта абсалютна маладое кіно — дэбюты аўтараў, якія толькі дасягнулі паўналецця. У гэтых працах ёсць свежасць і незвычайны погляд, які можа быць цікавы спецыялізаванай аўдыторыі.
Такім чынам, вынікі працы інкубатара [крыху больш за год] — адзін завершаны фільм, адзін у постпрадакшане, два рыхтуюцца да здымак і два чакаюць свайго часу і свайго спонсара.
— Ці дапаможа намінацыя ў Берліне запэўніць вашых партнёраў, еўрапейскія мастацкія фонды, што трэба далей даваць грошы на працу інкубатара? І як ты разлічваеш, як доўга ён зможа праіснаваць?
— Прэм'ера фільма на Берлінале — гэта не толькі поспех для праекта, але і доказ таго, што мы не дарма выдаткоўваем сродкі донараў. Мы паказваем, што можам выбудаваць граматную стратэгію, ствараць культурныя прадукты, якія адпавядаюць патрабаванням індустрыі.
Гэта поспех для ўсіх: для нас, для аўтараў, для беларускага кіно ў цэлым. Мы дэманструем, што яно не проста існуе, але і здольнае заявіць пра сябе на глабальнай арэне. Берлінале — трэці ў сусветным рэйтынгу фестываляў.
— «Лебядзіная песня» будзе ўдзельнічаць не толькі ў фестывалі, але і на пітчынгу кінапраектаў падчас Еўрапейскага кінарынку — найбуйнейшага пасля Канаў. Якую падтрымку вы яшчэ шукаеце?
— Мы рыхтуем прэм’еру і шукаем фестываль, сэйлзаў (дыстрыб'ютараў, якія будуць распаўсюджваць карціну ў розных рэгіёнах свету. — Заўв. рэд.) і пакупнікоў на фільм (тых, хто купляе непасрэдна для паказу. — Заўв. рэд.). Сам праект гатовы.
— І якія далейшыя планы ў праекта хаця б цягам гэтага году?
— Усё залежыць ад вынікаў прэм’еры. Мы робім максімальныя высілкі, каб фільм знайшоў свае новыя фестывалі і сэйлзаў. Цяпер рана прагназаваць. Паглядзім, як і што атрымаецца.
— У вашага Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, створанага ў BFN, стратэгія — рабіць кіно за мінімальныя грошы. А як ты сам бачыш працу ў беларускім кіно — нармальна, калі гэта акт на мяжы самаадданасці, калі людзі здымаюць выключна на энтузіазме? Ці ўсё ж гэта павінна быць звычайнай працай, дзе ўсе ўдзельнікі працэсу атрымліваюць ганарар? Які падыход табе бліжэй?
— Ганарары плаціць абавязкова. А таксама падпісваць дамовы і фармалізаваць адносіны. Усе, хто са мною працаваў, а гэта больш за паўтара дзясяткі аўтараў з Беларусі, ведаюць — мы нават на дзесяць еўра пішам афіцыйную дамову, афармляем аўтарскія правы і гэтак далей. Усё па-даросламу.
Але ганарары могуць быць у розных формах. І калі мала грошай, трэба больш дэтальна працаваць з іх размеркаваннем, з іншымі рэсурсамі.
Мой падыход — энтузіязмам прабелы менеджменту не закрыць. Грошы тут не першасная па важнасці праблема.
— Адбор «Лебядзінай песні» на Берлінале пацвердзіў жыццяздольнасць мікрабюджэтнай стратэгіі. Ва ўмовах, калі грошай на беларускае кіно амаль ніхто не дае, яна асабліва актуальная. Але ці не падаецца табе, што такі падыход па сутнасці тупіковы? Здымаць фільмы амаль без грошай, як мэтанакіравана робяць Мікіта Лаўрэцкі і Уладзімір Казлоў, — гэта доля самаадданых мастакоў. Для большасці аўтараў такі фармат жыцця і творчага існавання проста не падыходзіць.
— Тут важна разумець, што доля самаахвярнасці будзе заўсёды. Ёсць такі жарт: «Кіно — гэта форма лёгкага вар’яцтва». Як толькі ты трапляеш туды аднойчы, выйсці ўжо немагчыма. І так, рэжысёры, акцёры — пераважная большасць з тых, каго я ведаю, не мільянеры. Многія вядуць вельмі сціплы лад жыцця. Часта здымаюцца ў рэкламе, каб фінансаваць свае праекты. Гэта рэальнасць.
Я не лічу мікрабюджэтнае кіно тупіковым шляхам. Калі мы зможам наладзіць працу як фабрыка, каб усім прафесіяналам індустрыі ў ЕС было зразумела, што Інкубатар BFN — гэта месца, дзе нараджаюцца добрыя праекты з даступным коштам, — то ў нас будзе свая ніша.
Гэта не будуць «Зорныя войны», але гэта можа быць тое, што стане нашым, унікальным. Зірніце на венгерскае, румынскае, сербскае кіно — у іх ёсць магутныя прыклады таго, як можна [без вялікіх грошай] знайсці сваю спецыфіку і замацавацца ў індустрыі.
Так, з мікрабюджэту не пераскочыш на вялікія сумы «за прыгожыя вочы». Але калі рэгулярна, год за годам, паказваць вынік, нам урэшце ўдасца знайсці не толькі сваю цэнавую нішу, але і галоўнае — сваю аўдыторыю. І тады мы зможам выйсці на іншы ўзровень бюджэтаў. Усё залежыць ад нас.
— Шэраг экспертаў лічаць, што зараз незалежнае беларускае кіно стаіць перад экзістэнцыйным пытаннем: дзе адшукаць крыніцу для сталага фінансавання праектаў. Усе разлічваюць на тое, што да змены ўлады ў Беларусі такую падтрымку можа аказваць Еўрасаюз, калі атрымаецца пераканаць у гэтым іх чыноўнікаў. Поспех «Лебядзінай песні» набліжае гэты працэс ці, наадварот, аддаляе яго? Бо чыноўнікі могуць зрабіць выснову: калі беларусы здольныя здымаць за мінімальныя грошы і дамагацца такіх поспехаў, то дадатковае фінансаванне ім не трэба.
— Галоўная праблема беларускага кіно — гэта не грошы.
Лічыць, што галоўны выклік беларускага кіно — гэта недахоп грошай, значыць блытаць прычыну і наступства. Грошай мала, бо наша сістэма кіно не выбудавана. А прычына ў тым, што мы прайграем на этапах, дзе фарміруецца індустрыя.
Па-першае, найлепшыя беларускія сцэнарысты працуюць на Маскву, ствараючы серыялы і ўдзельнічаючы ў камерцыйных праектах. Яны адпраўляюць працу туды, дзе ёсць рынак і попыт на іх работу. Незалежная беларуская сцэнарная школа яшчэ недастаткова моцная, каб прапаноўваць тэксты, якія могуць зацікавіць ЕС і сусветную індустрыю. Мы не вядомыя сваімі сцэнарыямі, як тое ж польскае, румынскае ці венгерскае кіно.
У нас пакуль няма «сваіх» гісторый, якія б ведалі за межамі рэгіёна. А кіно пачынаецца з тэксту.
Вытворчасць незалежнага кіно таксама слабая. Усё робіцца паўпадпольна, кустарна. Няма нармальнага цыклу — пітчынгу ідэй, працы з экспертамі, партнёрскіх сетак. Нам не хапае і рэпутацыі, якая дазваляе індустрыі ўспрымаць цябе сур’ёзна. А без рэпутацыі, нават калі даць мільён долараў, выніку не будзе.
Усё ўскладняецца адсутнасцю стратэгіі. У доўгатэрміновай гульні перамагае той, у каго ёсць стратэгія. Прывяду прыклад з мінулага: дзясяткі рэжысёраў з постсавецкай прасторы прыязджалі працаваць у Еўрасаюз у 90-я, будучы нікім. Аляксандр Раднянскі пачынаў як звычайны рэжысёр, а стаў адным з ключавых прадзюсараў індустрыі. Нам трэба вывучаць такія прыклады, аналізаваць іх шляхі і ўвасабляць гэта ў рамках сваёй доўгатэрміновай стратэгіі.
Беларускае незалежнае кіно таксама можа выйсці на іншы ўзровень, але толькі калі гуляць у доўгую. Гэта не гісторыя пра хуткія поспехі. Гэта дзесяцігоддзі намаганняў, якія ўжо паказалі такія бліскучыя беларускія аўтары, як Аляксей Палуян, Андрэй Куціла, Мара Тамковіч. Яны будуюць свае асабістыя брэнды, і гэта працуе.
Але мы ў BFN вырашылі рухацца шырэй: не толькі падтрымліваць аўтараў, але і будаваць сістэму, якая працуе на ўвесь працэс — ад ідэі да выніку. І на ўсю суполку беларускіх фільммэйкераў. Мы робім фабрыку мікрабюджэтнага кіно. Гэта маленькі, але важны крок, каб індустрыя змагла нас убачыць як суб’екта. І на гэтай фабрыцы ёсць усё: ад распрацоўкі сцэнарыяў да прасоўвання фільмаў.
Нам не трэба скардзіцца на недахоп фінансавання. Грошы ў індустрыі ёсць. Еўрасаюз штогод укладае сотні мільёнаў у кіно. Нам трэба толькі навучыцца займаць сваю нішу, прыцягваць хаця б адзін працэнт гэтых сродкаў. Фінансаванне не прыходзіць па прынцыпе справядлівасці. Доступ да гэтых рэсурсаў атрымліваюць тыя, у каго ёсць рэпутацыя і хто разумее, як працуе сістэма, удзельнічае ў ёй. Калі цябе не ведаюць — ты ніхто.
Мы ж будуем брэнд — «Мікрабюджэтнае кіно незалежных беларускіх фільммэйкераў». Мы хочам паказаць, што беларускае кіно — гэта не разавыя праекты, а сістэмная работа. Мы робім кіно, якое адпавядае патрабаванням індустрыі. І вынікі ўжо ёсць: фільм Юрыя Сямашкі на Берлінале — гэта два гады ўпартай працы ўсёй каманды BFN і інкубатара, а таксама каманды фільма.
Я цалкам веру і дапускаю, што беларускае незалежнае кіно можа стаць часткай сусветнай індустрыі. Але для гэтага трэба адмовіцца ад ілюзій, што нас хтосьці пашкадуе, і пачаць гуляць па правілах: будаваць рэпутацыю, выбудоўваць працэсы, працаваць з доўгатэрміновай перспектывай. Гэта не хуткая гульня, але яна адзіная правільная.
Читайте также


